БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ КАПІТА́ЛЬНАГА РАМО́НТУ І РЭКАНСТРУ́КЦЫІ АБ’Е́КТАЎ ЖЫЛЛЁВА-ГРАМАДЗЯ́НСКАГА ПРЫЗНАЧЭ́ННЯ (Белжылпраект) Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1973 у Мінску. Галаўны ін-т па праектаванні капітальнага рамонту і рэканструкцыі аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння. У 1989 у абл. гарадах былі створаны ін-ты такога ж кірунку дзейнасці (Брэстжылпраект, Віцебскжылпраект, Гомельжылпраект, Гроднажылпраект, Магілёўжылпраект). Асн. кірункі работы: праектаванне рэканструкцыі кварталаў жылой забудовы і культ.-гіст. цэнтраў гарадоў; дыягностыка канструкцый збудаванняў; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для буд-ва буйных сістэм калектыўнага прыёму тэлебачання; інж.-геал. і тапографа-геадэзічныя вышуканні для новабудоўляў, рэканструкцыі і капітальнага рамонту будынкаў і збудаванняў; аказанне адукацыйных, кансалтынгавых, маркетынгавых і інш. паслуг.

В.І.Шчэрбіч.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)